Сяргей Гайдай: «Наступны тыдзень будзе вырашальным для Луганшчыны»

Кіраўнік Луганскай абласной адміністрацыі паведаміў, што на некаторых участках фронту сітуацыя надзвычай цяжкая. Расейскія войскі засяродзіліся на Данбасе і сцягнулі на Луганшчыну ўсе магчымыя сілы і абстрэльваюць рэгіён. Найбліжэйшы тыдзень стане вырашальным для вобласці, перадае словы Гайдая агенцтва «Уніан».

Сяргей Гайдай. Фота: 24tv.ua

«Оркі сканчаюцца. Яны гэтак жа смяротныя, як і ўсе астатнія. Адзінае – іх вельмі шмат. Нашы байцы проста шакаваныя тым, што яны, быццам тараканы лезуць з усіх шчылін. Але я думаю, што найбліжэйшы тыдзень пакажа. Усё развіццё падзей будзе на гэтым тыдні», – заявіў Гайдай.

Кіраўнік абласной адміністрацыі адзначыў, што на ўскраінах Севераданецку вядуцца цяжкія баі, таму сітуацыя цяпер вельмі цяжкая. На горад скідаюць авіябомбы, б’юць «Градамі» і «Смерчамі», абстрэльваюць артылерыяй.

Гайдай дадаў, што расейскія войскі падышлі дастаткова блізка да гораду і вядуць абстрэл мінамётамі. Горад знішчаецца пастаянна, кругласутачна.

Гайдай упэўнены, што Уладзімір Пуцін загадаў ва ўсякі кошт заняць Луганскую вобласць, таму Расея перакідвае войскі з-пад Марыупалю, Харкава і Данецкай вобласці.

Сяргей Гайдай таксама адзначыў, што пад украінскім кантролем знаходзяцца каля 10 % тэрыторыі Луганшчыны.

Раман Лугоўскі belsat.eu


#Беларусь