Гэта што яшчэ за зараза такая? У Еўропу прыйшла воспа малпаў: што гэта такое і з чым яе лепш не есці

Не паспеў свет адысці ад пандэміі каронавірусу і вайны ва Украіне, якая пагражае перарасці ў голад сусветнага маштабу, як у Еўропе аб’явілася воспа малпаў. Праз яе ўжо нават склікалася экстраннае пасяджэнне Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Наколькі небяспечная новая зараза і ці такая яна новая? Карэспандэнты «Белсату» вырашылі разабрацца.

Снимок носит иллюстративный характер. Фото: Dado Ruvic / Reuters / Forum

Адкуль пайшлі заражэнні

Упершыню СААЗ праінфармавалі аб захворванні воспай малпаў 7 траўня. Яе знайшлі ў чалавека, які прыехаў у Вялікабрытанію з Нігерыі. Праз тыдзень, 16 траўня, лекары выявілі яшчэ чацвярых хворых. Усе яны прадстаўнікі сэкс-меншасцяў.

«Мы выяўляем новыя выпадкі кожны дзень», – заявіла 22 траўня галоўная дарадца брытанскага ўраду па медыцынскіх пытаннях Сьюзан Хопкінс.

Затым выпадкі распаўсюджвання воспы малпаў знайшлі ў Партугаліі, дзе ўсе інфікаваныя – мужчыны, якія стаяць на ўліку ў клініках па лячэнні ЗППП. Трэцяй краінай, якая прызнала наяўнасць заражаных, стала Іспанія, дзе, па словах медыкаў, вірус перадаваўся праз пацалунак. Агменем заражэння стала грамадская сауна ў Мадрыдзе.

Вірус распаўсюдзіўся і за межы Еўропы: наяўнасць інфікаваных пацвердзілі Аўстралія, Ізраіль, ЗША і Канада. Усяго, па дадзеных СААЗ, 17 неэндэмічных краін паведамілі аб 131 выпадку воспы малпаў. Пакуль усе выпадкі працякаюць лёгка. Пра смерці падчас бягучай ўспышкі не паведамлялася.

Што ў Беларусі і ў суседзяў?

У суседніх з Беларуссю краінах воспа малпаў пакуль яшчэ не выяўлена. Больш за тое, у польскім Міністэрстве аховы здароўя запэўнілі, што пакуль пагрозы больш шырокага распаўсюджвання вірусу няма, як і няма пагрозы новай пандэміі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паверхні рук пацыента з воспай малпаў, у якога былі выяўленыя праявы характэрнага сыпу на стадыі выздараўлення. Фота: CDC / MEGA / the Mega Agency / Forum

У Міністэрстве аховы здароўя Беларусі, як і ў Росспажыўнаглядзе, верагоднасць завозу воспы малпаў назвалі нізкай, «у сувязі з адсутнасцю авіязносін з большасцю краін свету». Аднак у пунктах пропуску на мяжы ўсё ж узмоцненыя меры санітарна-каранціннага кантролю. Дадаткова медыкаў навучаюць дыферэнцыяльнай дыягностыцы захворвання, а ў РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі распрацоўваюць тэст-сістэмы своечасовай дыягностыкі захворвання.

Пры гэтым у РФ адзначылі, што «раней пройдзеная вакцынацыя ад натуральнай воспы зніжае рызыкі цяжкай формы воспы малпаў, паколькі ўсе поксвірусы даюць добры крыжаваны імунітэт». І дзякуючы масавай вакцынацыі ад натуральнай воспы, якая праводзілася раней, ёсць «значная імунная праслойка, неабходная для купіравання распаўсюджвання воспы малпаў».

Новы ці стары вірус?

Воспа малпаў – рэдкае віруснае захворванне, якое перадаецца чалавеку ад жывёл, найбольш верагодна – ад грызуноў і прыматаў. Сімптомы ў чалавека падобныя з сімптомамі, якія раней былі ў пацыентаў з натуральнай воспай, але менш сур’ёзныя. Пасля ліквідацыі натуральнай воспы ў 1980 годзе воспа малпаў выйшла на першае месца па патагеннасці для чалавека сярод астатніх вірусаў воспы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Naked Science

Воспу малпаў сярод людзей упершыню выявілі ў 1970 годзе ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга (ДРК) у 9-гадовага хлопчыка. Таксама выпадкі заражэння чалавека воспай малпаў фіксаваліся ў Рэспубліцы Конга, Камеруне, Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, Нігерыі, Кот-д’Івуары, Ліберыі, Сьера-Леонэ, Габоне і Паўднёвым Судане.

У 2003 годзе ў ЗША былі зарэгістраваныя першыя выпадкі заражэння воспай малпаў па-за межамі Афрыкі. Большасць хворых кантактавалі з прыручанымі лугавымі сабачкамі, інфікаванымі афрыканскімі грызунамі.

Чарговы выпадак заражэння воспай малпаў у ЗША фіксаваўся менш за год таму – у лістападзе 2021 года ў пасажыра з Нігерыі. Тады ў СААЗ папярэджвалі, што «рост колькасці міжнародных паездак ва ўсім свеце паказвае на тое, што можна чакаць новых выпадкаў завозу вірусу з эндэмічных раёнаў або краін».

Якія шляхі перадачы?

Інфікаванне адбываецца ў выніку прамога кантакту з крывёю, біялагічнымі вадкасцямі, закранутай хваробай скурай або слізістай інфікаваных жывёл (малпаў, гамбійскіх пацукоў і вавёрак). Адным з чыннікаў рызыкі з’яўляецца ўжыванне ў ежу мяса інфікаваных жывёл без належнай тэрмічнай апрацоўкі.

Супрацоўнік вакцыйнай кампаніі “Bavarian Nordic” працуе ў лабараторыі кампаніі ў Марцінсрыдзе недалёка ад Мюнхена, Нямеччына. 24 траўня 2022 года. Фота: Lukas Barth / Reuters / Forum

Перадача ад чалавека да чалавека адбываецца ў выніку цеснага кантакту з інфікаванымі выдзяленнямі з дыхальных шляхоў, пашкоджаннямі скуры інфікаванага чалавека або з прадметамі, заражанымі біялагічнымі вадкасцямі або матэрыяламі з ачагоў паражэння хворага. Здараецца гэта пераважна паветрана-кропельным шляхам пры працяглым асабістым кантакце. Таксама інфікаванне можа адбывацца праз плацэнту.

Прыкметы і сімптомы воспы малпаў

Інкубацыйны перыяд воспы малпаў можа вагацца ў дыяпазоне ад 5 да 21 дня. Для першых пяці дзён характэрныя ліхаманкавы стан, моцны галаўны боль, павелічэнне лімфатычных вузлоў, боль у спіне і цягліцах, моцная слабасць.

Праз 1-3 дні пасля ліхаманкі з’яўляецца сып. Часцей за ўсё на твары (у 95% выпадкаў), а таксама на далонях і ступаках (75%), затым яна распаўсюджваецца па ўсім целе, у тым ліку на слізістай абалонцы рота (70%), геніталіях (30%), а таксама на павеках (20%) і рагавіцы вока. Сып з часам ператвараецца ў струп, які пазней адпадае. У выніку могуць застацца рубцы.

«Людзі, хворыя на воспу малпы, з якімі я размаўляла, часта паведамляюць аб даволі зацяжной форме хваробы з грыпападобнымі сімптомамі з паражэннем органаў дыхання. Яны паведамляюць аб моцнай нядужасці і болях. У іх моцная стомленасць. Самі высыпанні часта апісваюцца як вельмі балючыя», — распавяла спецыяліст Цэнтру кантролю і прафілактыкі захворванняў ЗША Андрэа Макколум.

Часцей за ўсё захворванне праходзіць у лёгкай форме і знікае само за два-тры тыдні. Часам назіраецца і цяжкая форма хваробы са смяротнасцю ад 1 да 15%. Большасць выпадкаў смерці здараецца сярод дзяцей ранняга ўзросту.

Хварэюць толькі геі?

Паводле інфармацыі СААЗ, у траўні выпадкі воспы малпаў «у асноўным, але не выключна, былі выяўленыя сярод мужчын, якія маюць палавыя кантакты з мужчынамі». У Вялікабрытаніі ў сувязі з гэтым ужо выказваліся ідэі аб вакцынацыі геяў. А ў Расеі ледзь не абвясцілі воспу малпаў «бізуном божым» для гомасэксуалістаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Pavlo Gonchar / Zuma Press / Forum

У сваю чаргу загадчык лабараторыі Інстытуту малекулярнай генетыкі і Інстытуту біялогіі гена Расейскай акадэміі навук Канстанцін Севярынаў рассказаў, што высокі працэнт мужчын-геяў і бісэксуалаў сярод тых, хто захварэў, можа быць звязаны з тым, што іх палавыя кантакты больш траўматычныя і часцей прыводзяць да пашкоджанняў слізістай абалонкі і скуры, за кошт чаго і адбываецца перадача вірусу.

Аб’яднаная праграма ААН па ВІЧ/СНІДу (ЮНЭЙДС) заклікала не дыскрымінаваць і не стыгматызаваць геяў, як гэта было ў пандэмію COVID з азіятамі. Паводле заявы арганізацыі, гэта перашкаджае выяўленню новых выпадкаў і заахвочвае неэфектыўныя карныя захады.

Як пазбегнуць заражэння

Для заражэння воспай малпаў неабходны цесны кантакт з хворым чалавекам. У сувязі з гэтым СААЗ рэкамендуе:

  • пазбягаць кантактаў з хворымі прыматамі;
  • не есці мяса дзікіх жывёл;
  • рэгулярна праводзіць санітарную апрацоўку рук;
  • прытрымлівацца асабістай гігіены;
  • засцерагацца падчас сэксу;
  • цесна не кантактаваць з незнаёмымі людзьмі ці падарожнікамі.

Медыкі, якія працуюць з пацыентамі з вірусам воспы малпаў, павінны прымаць стандартныя меры засцярогі ў галіне інфекцыйнага кантролю. СААЗ таксама рэкамендуе ім разгледзець магчымасць імунізацыі супраць натуральнай воспы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: pixabay.com

Міністэрства аховы здароўя Беларусі раіць пры наведванні краін Заходняй і Цэнтральнай Афрыкі пазбягаць кантакту з грызунамі і прыматамі, а таксама ўжываць у ежу толькі добра прыгатаваныя прадукты жывёльнага паходжання. Пры кантакце з асобамі, якія прыбылі з краін, дзе зафіксаваныя выпадкі захворвання, і якія маюць сімптомы, падобныя на вострую рэспіраторную інфекцыю, неабходна карыстацца маскай і і не забывацца на гігіену рук.

Нетыповая сітуацыя

Сусветная арганізацыя аховы здароўя склікала экстранную нараду для абмеркавання малпавай воспы і інфекцыйных рызыкаў ад яе. СААЗ назвала апошнія ўспышкі хваробы нетыповымі, паколькі яны фіксуюцца ў краінах, для якіх захворванне нехарактэрна.

Заклапочанасць выклікае тое, что воспа малпаў рэгіструецца ў развітых краінах у людзей, якія не ездзілі ў Афрыку і не падазравалі аб кантактах з тымі, хто заразіўся. Пакуль няма доказаў таго, што вірус воспы малпаў паспеў мутаваць, заявіла кіраўніца падраздзялення арганізацыі па барацьбе з воспай Розамунд Льюіс. Паводле яе слоў, частата мутацый у віруса параўнальна нізкая, але ў СААЗ працуюць над саквеніраваннем геному ў надзеі зразумець прычыны цяперашняй ўспышкі.

Hавiны

САЗ склікае тэрміновую нараду праз успышку новай хваробы ў Еўропе. Што вядома

21.05.2022 07:50

А вось улетку, па словах кіраўнікі Еўрапейскага бюро СААЗ Ганса Клюге, перадача віруса можа паскорыцца ў сувязі з масавымі сходамі, фестывалямі і вечарынамі:

«Я занепакоены тым, што перадача можа паскорыцца, паколькі выяўленыя ў цяперашні час выпадкі захворвання адносяцца да тых, хто актыўны ў палавым жыцці, а сімптомы многім людзям незнаёмыя».

СААЗ заклікае не панікаваць праз тое, што падчас расследавання і пошуку кантактаў хворых, будзе выяўляцца ўсё больш новых выпадкаў хваробы. Гэтая мера неабходная, каб як мага хутчэй перапыніць ланцужок распаўсюджвання інфекцыі.

Гэта новая пандэмія, як каронавірус?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Правая рука і тулава пацыента з малпавай воспай. Фота: CDC / MEGA / The Mega Agency / Forum

Спецыялісты перасцерагаюць ад таго, каб параўноўваць воспу малпаў і каронавірус, паколькі яны занадта розныя. Як кажа інфекцыяніст і эпідэміёлаг з ЗША Шыра Доран, вірус воспы малпаў не настолькі заразны, бо не распаўсюджваецца аэразольна (у дробных кроплях, якія могуць пераадольваць вялікія дыстанцыі).

«Акрамя таго, малпавая воспа не з’яўляецца хваробай, якая перадаецца падчас бессімптомнай фазы, што рабіла COVID-19 такім грозным ворагам», — заявіла Доран.

Па словах тэхнічнага дырэктара праграмы СААЗ па барацьбе з пандэміяй Covid-19 Марыі фон Керкхоў, цяперашняя ўспышка не ўяўляе сур’ёзнай небяспекі, асабліва ў Еўропе. Аднак, заявіла яна, хоць гэта і кантралюемая сітуацыя, пускаць на самацёк такія рэчы нельга.

«Мы лічым, што гэтая ўспышка застанецца лакальнай, а рызыка для здароўя шырокіх слаёў насельніцтва ацэньваецца як нізкая», — заявіў Себасцьян Гюльдэ з нямецкага Міністэрства аховы здароўя.

Як адзначае расейскі вірусолаг Анатоль Альтштэйн, «пры пераходзе ад чалавека да чалавека вірус слабее і становіцца менш заразным і менш патагенным». І «у выніку пасля некалькіх перадач такая ўспышка знікае».

На бягучы момант рызыка для глабальнай аховы здароўя і для сусветнай папуляцыі ад малпай воспы ацэньваецца як нізкая, пішуць «Белыя халаты».

Макар Мыш / АВ belsat.eu


#Беларусь